Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У самым цэнтры Брэста, за некалькіх сотняў метраў ад галоўнага ўваходу ў крэпасць і аблвыканкама, як мінімум тры дзесяцігоддзі знаходзіўся аб’ект, існаванне якога сёння цяжка сабе ўявіць. Сюды прыбывалі вагоны з уранавай рудой, якую салдаты і рабочыя перагружалі рыдлёўкамі і голымі рукамі без якой-кольвек істотнай абароны. Радыеактыўны пыл асядаў на рэйках, уядаўся ў зямлю, разносіўся ветрам, назапашваючыся год за годам проста пад носам у брастаўчан. І амаль ніхто з іх пра гэта не ведаў — бо гэта быў сакрэтны аб’ект «802». Сёння на яго месцы стаіць гандлёвы цэнтр, пакупнікі выбіраюць прадукты і адзенне, не падазраючы пра радыеактыўнае мінулае пад іх нагамі. Расказваем пра тое, як савецкая сакрэтнасць, зацыкленасць на абаронных праектах і абыякавасць да жыцця і здароўя грамадзян стварылі смяротна небяспечную сітуацыю ў цэнтры буйнога горада — і пра тое, з якімі цяжкасцямі беларусам давялося разграбаць наступствы.

Трэба больш урану

У Рудных гарах на ўсходзе Германіі яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя знайшлі ўран як пабочны прадукт здабычы срэбра і кобальту. Пасля Другой сусветнай вайны ўранавыя радовішчы Саксоніі і Цюрынгіі аказаліся ў савецкай зоне акупацыі, што было вельмі дарэчы: уласнай сыравіны Савецкаму Саюзу не хапала. Таму тут была створаная магутная ўраназдаўная прамысловасць. Спачатку яна знаходзілася пад поўным кантролем савецкай вайсковай адміністрацыі, а з 1954 года перайшла ў вядзенне сумеснага акцыянернага таварыства СССР і ГДР «Вісмут», якое па здабычы ўрану выходзіла на трэцяе месца ў свеце.

Урановая руда. Фото: commons.wikimedia.org
Уранавая руда. Фота: commons.wikimedia.org

У гады халоднай вайны СССР патрабавалася шмат сыравіны для атамнай прамысловасці. Уранавы канцэнтрат «Вісмута», выраблены ў акрузе Карл-Маркс-Штат у ГДР, пачалі па чыгунцы адпраўляць на ўсход. Пры гэтым Беларусь стала перавалачнай зонай праз банальную тэхнічную праблему — розніцы ў памерах рэек. У СССР яны былі на 8,5 см шырэйшыя за еўрапейскія, а таму на мяжы сыравіну даводзілася перагружаць.

Транспартаваць уранавую руду з ГДР у савецкі ядзерны цэнтр Арзамас-16 (цяпер горад Сароў) праз Брэст пачалі, паводле розных крыніц, з 1950-х або з пачатку 1960-х гадоў. Для перагрузкі на тупіковай ветцы шляхоў побач з жылой забудовай цэнтральнай часткі горада стварылі два сакрэтныя аб’екты — «802» і «Заходні».

Умовы працы там былі такімі, што сёння цяжка ўкладваюцца ў галаве. Уранавую руду вазілі ў адкрытых вагонах, проста прыкрыўшы брызентам. Па прыбыцці яе спачатку, мяркуючы з усяго, перагружалі рыдлёўкамі ў драўляныя скрыні, якія кранамі перамяшчаліся да савецкіх вагонаў. Потым тэхналогія змянілася: вагон, які прыбыў, ставілі на паваротны круг, адкрывалі кантавую сценку — і руда ссыпалася ў вагон савецкага састава (ужо без пасярэдніцтва скрыняў). Пасля перагрузкі вагоны і платформы абмывалі звычайнай вадой, і ўранавы пыл з іх змываўся проста на рэйкі і ў грунт. Чыгуначныя адхоны тут былі засыпаныя ўранавай рудой, глыбіня пласта якой дасягала штыка рыдлёўкі.

Поезд у станции Брест-Центральный, вид в сторону западной границы. Фото: railwayz.info
Цягнік ля станцыі Брэст-Цэнтральны, від у бок заходняй мяжы. Фота: railwayz.info

Пры гэтым у работнікаў, у тым ліку ў тых, якія рыдлёўкамі грузілі радыеактыўную сыравіну, часцей за ўсё не было ніякай абароны. «Ставіліся да канцэнтрату ўранавай руды як да звычайнага пяску. А гэта, вядома, практычна прысуд», — тоумачыў у інтэрв'ю «Зялёнаму парталу» хімік Сяргей Бесараб.

Сакрэтны аб’ект

Аб’ект «802» размяшчаўся на цяперашнім праспекце Машэрава, насупраць ЦЭЦ — у самым сэрцы горада, у атачэнні жылых дамоў, установаў і людных месцаў. Ужо згаданы другі такі пункт перагрузкі «Заходні» знаходзіўся далей, у раёне цяперашняй вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці.

Гарадская легенда, якую ўспамінаюць брастаўчане, апавядае пра візіт у горад японскай дэлегацыі ў 1970-х гадах. Па дарозе ў Брэсцкую крэпасць у гасцей, навучаных горкім досведам Хірасімы і Нагасакі, раптам зашкалілі асабістыя дазіметры. Запанікаваўшы, японцы нібыта запатрабавалі развярнуць картэж у адваротны бок і так і не наведалі мемарыял.

Нават калі гэта выдумка, то паказальная: самі жыхары горада пра аб’ект «802» не ведалі, пра тое, што там грузяць — таксама, і нават калі дазіметрам можна было б вызначыць, што тэрыторыя «фаніць», то да аварыі на Чарнобыльскай АЭС пра такое ніхто і не задумваўся. А між тым радыяцыя назапашвалася ў зямлі год за годам. Уран і прадукты яго распаду збіраліся ў глебе і разносіліся паверхневымі водамі. Дарэчы, зусім побач быў гарадскі водазабор.

Объект 802 на современной карте Бреста. Скриншот: Яндекс.Карты
Аб’ект «802» на сучаснай карце Брэста. Злева — Брэсцкая крэпасць. Скрыншот: «Яндэкс.Карты»
Территория, где раньше был объект 802, до дезактивации. Спутниковый снимок Google Maps
Тэрыторыя, дзе раней быў аб’ект «802», пасля дэзактывацыі і да пачатку будаўнічых работ. Спадарожнікавы здымак Google Maps

Людзі, занятыя непасрэдна на перавалцы і ўборцы вагонаў, працавалі па чатыры гадзіны, рамонтнікі абсталявання — па сем-восем. Усе яны з ахоўных сродкаў мелі толькі рэспіратары — нехта насіў іх, нехта не — і так званыя сляпыя дазіметры (самі па сабе такія прылады не паказваюць індывідуальнага ўзроўню атрыманай дозы выпраменьвання, для вымярэння іх неабходна занесці на спецыяльны зарадна-вымяральны пульт).

Уран, які змяшчаецца ў рудзе, дае пераважна альфа-выпраменьванне, якое не пранікае праз скуру, але смяротна небяспечнае пры траплянні крыніцы ўнутр арганізма — напрыклад, падчас удыхання пылу. Альфа-часцінкі пашкоджваюць клеткі і ДНК, назапашваюцца ў нырках.

Былы грузчык аб’екта «802» Мікалай Бычук успамінаў: «Праца сапраўды была пякельная. Начальнік, бывала, скажа: вы там акуратней, гэта ўран. Але як можна акуратней? Узімку руда змярзаецца, дык мы яе разбівалі ламамі ды кіркамі. Да таго надыхаешся пылам, што ўсю ноч кашляеш».

Але рабочых вабілі абяцанні начальства даць кватэру (многія тады жылі ў бараках), скарочаны працоўны дзень, бясплатнае харчаванне і галоўнае — датэрміновая пенсія: жанчынам — у 45 гадоў, мужчынам — у 50. Але калі прыйшоў час на гэтую пенсію выходзіць, аказалася, што льготы былі прызначаныя «неабгрунтавана» — прафесіі работнікаў адсутнічалі ў спецыяльных спісах Мінабароны. Адразу пасля вайны ўранавую руду ў Брэсце разгружалі вайскоўцы з унутраных войскаў МУС, але неўзабаве іх замянілі на чыгуначнікаў. У Маскве паабяцалі занесці іх у спецыяльныя спісы льготнікаў па пенсіях — і, відаць, забылі, як і праінфармаваць брэсцкае кіраўніцтва.

Заброшенные рельсы и тупик. «Объект 802» в Бресте, где происходила перегрузка урановой руды. Фото: Евгений Бганцев, 1998 год
Закінутыя рэйкі і тупік. Аб’ект «802» у Брэсце, дзе адбывалася перагрузка ўранавай руды. Фота: Яўген Бганцаў, 1998 год

Чарнобыль як каталізатар

Аб’ект «802» лічыўся сакрэтным да 1970-х гадоў, але нават калі грыф знялі, пра радыеактыўнае забруджанне ніхто асабліва не задумваўся, праца працягвалася, як і раней. У 1989 годзе небяспечную сыравіну пачалі пастаўляць у закрытых кантэйнерах, перагрузку механізавалі, і «802», як і аб’ект «Заходні», ліквідавалі, арганізаваўшы перавалачны пункт удалечыні ад гарадоў і вёсак. Але ніякіх дэзактывацыйных работ у цэнтры не праводзілася. Тэрыторыю проста абнеслі калючым дротам.

«Ніхто нават не ўспамінаў пра гэта аж да 90-х, калі ўсё ж пасля Чарнобыльскай аварыі людзі пачалі ўважлівей ставіцца да радыяцыі і хтосьці ўспомніў, што тут перагружалі ўран», — расказваў хімік Сяргей Бесараб.

Грунт на тэрыторыі аб’екта ўпершыню даследавалі ў 1987 годзе. Аказалася, што тры гектары засмечаныя просыпамі ўранавай руды з трох ізатопаў — урану-238, урану-235 і ўрану-234, а таксама прыродным торыем-232 і радонам-222. Узровень радыяцыйнага фону ў некаторых месцах дасягаў 1600 мікрарэнтген за гадзіну — у 80 разоў большага за нармальны.

У той час у Пінску працаваў радыелагічны інстытут. Спецыялісты правялі дазіметрычную праверку рэек і прылеглых тэрыторый — выявілася, што ўзровень забруджвання проста зашкальвае. «Калі для Брэста нармальны фон — 10 мікрарэнтген за гадзіну, то там было 150. Прычым гэта на паверхні. Калі капнуць на штык рыдлёўкі — выдавала да 2000 мікрарэнтген за гадзіну!» — прыводзіў звесткі Бесараб.

Звычайны радыяцыйны фон складае каля 20 мікрарэнтген за гадзіну. Знойдзеныя ў Брэсце 2000 мікрарэнтген за гадзіну ўсяго за некалькі дзён у такіх умовах дадуць чалавеку дозу, якую ў нармальнай сітуацыі ён бы атрымаў за год. Адзінка вымярэння рэнтген выкарыстоўвалася ў СССР і больш звыклая для жыхароў постсавецкіх краін. У сучаснай міжнароднай сістэме выкарыстоўваюцца зіверты: 1 мікразіверт роўны 100 мікрарэнтгенам.

Радыеактыўны пустыр без апазнавальных знакаў

Яшчэ ў канцы 1980-х на замову СССР украінскаму прадпрыемству «ВостГОК» з горада Жоўтыя Воды далі заданне ачысціць забруджаны ўранам аб’ект у Брэсце. Украінцы мелі багаты досвед працы з уранавымі рудамі і ўжо ажыццявілі такі праект на перавалачнай базе ў горадзе Мукачава.

У 1989 годзе быў распрацаваны праект рэкультывацыі тэрыторыі аб’екта «802», які прадугледжваў вываз заражанага грунту ў адпрацаваныя шахты Жоўтых Вод. У 1992 годзе нават пачалі вывозіць грунт — ва Украіну адправілі ўсяго шэсць вагонаў. Але распад Савецкага Саюза сарваў планы, грошай на аплату паслуг замежных цяпер спецыялістаў не стала. «Нам у выніку катэгарычна адмовілі», — успамінаў былы начальнік Брэсцкай гаррайінспекцыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Жамчужны.

У выніку радыеактыўны аб’ект стаў закінутым гарадскім пустыром. Мясцовыя жыхары выгульвалі там сабак, падлеткі шукалі прыгод, у старых бытоўках туліліся бяздомныя. Нейкі час аб’ект ахоўваў драўляны плот, зрэшты, не надта эфектыўны супраць цікаўных. Ніякіх знакаў небяспекі ці забароны праходу на тэрыторыі не было. Тым часам радыеактыўныя рэчывы мігравалі ўсё глыбей у зямлю.

Территория бывшего "Объекта 802" после дезактивации и до начала строительных работ, 2011 год. Фото: railwayz.info
Тэрыторыя былога аб’екта «802» пасля дэзактывацыі і да пачатку будаўнічых работ, 2011 год. Відаць сцяжынка, якую праклалі людзі, што тут хадзілі. Фота: railwayz.info

Урэшце праблема пачала турбаваць людзей усё больш, і ўлады адрэагавалі. У 1998−1999 гадах на патрабаванне санстанцыі і гарвыканкама правялі новыя даследаванні (Жамчужны быў адным з ініцыятараў). Вынік аказаўся трывожным: з 1991 года радыяцыя пранікла з глыбіні 1 да 1,8 метра, і ў найбліжэйшыя 3−5 гадоў магло здарыцца сур’ёзнае забруджванне грунтавых вод. Размешчаны непадалёк гарадскі водазабор закрылі.

І на гэтым усё застапарылася, пакуль у 2001 годзе не ўзнікла неабходнасць вярнуць гэты прынадны кавалак зямлі ў стан, прыдатны для забудовы: участак у цэнтры горада быў занадта выгадны, каб пуставаць. Праўда, грошай было няшмат, і ўлады спрабавалі знайсці спосаб зрабіць гэта танней. Прапаноўвалася нават проста закатаць тэрыторыю ў асфальт і зверху ўзвесці будынкі — нягледзячы на тое, што радыяцыйнага заражэння ніхто не адмаўляў. Але ўсё ж вырашылі прыняць больш сур’ёзныя меры.

Дэзактывацыя па-беларуску

Доўгачаканая ачыстка тэрыторыі пачалася толькі летам 2004 года. Але тое, як яе правялі, выклікае пытанні дагэтуль. Замест дасведчаных спецыялістаў працы даручылі звычайнаму будаўнічаму трэсту БМС-209 («Брэстспецмантажбуд») з Кобрына. На аб’екце пастаянна знаходзілася каля 15 чалавек. За чатыры месяцы ім трэба было прыбраць радыеактыўную спадчыну трох дзесяцігоддзяў.

Былі дэмантаваныя рэйкі, шляхі (чыгуначную рампу даводзілася разбіраць часткова рукамі), старыя бытоўкі, потым бульдозерам здымаўся пласт заражанага грунту. Фармальна работнікі лічыліся «персаналам», навучаным абыходзіцца з радыяцыяй. На практыцы будаўнікі не зусім разумелі, навошта патрэбныя меры бяспекі, упершыню бачылі дазіметры.

«Рабочым сказалі — там радыяцыя. А яны: ну і што, Чарнобыль перажылі, зараз працу скончым, гарэлачкі пару шклянак, і ўсё выйдзе», — успамінаў потым адзін з іх словы калегаў.

Рэспіратары выдавалі, але ў спёку імі ніхто не карыстаўся. Многія працавалі з голым торсам. Галоўнай небяспекай быў пыл: з ім рабочыя ўдыхалі радыеактыўныя часцінкі. На пляцоўцы была пылазбівальная машына, але часта яна не працавала: не было вады. Кантроль быў фармальны: людзі маглі свабодна выходзіць за тэрыторыю — напрыклад, у краму па абед — у рабочай вопратцы, зайсці на аб’ект таксама мог хто заўгодна.

Во время работ по дезактивации "Объекта 802". Фото: "Брестский курьер"
Падчас работ па дэзактывацыі аб’екта «802». Фота: «Брэсцкі кур’ер»

Дазіметры часта ламаліся ці губляліся. У адказных за радыяцыйны кантроль на пляцоўцы не было прыбораў, з дапамогай якіх можна было б замераць атрыманыя дозы радыяцыі, у тым ліку альфа-забруджанне на руках ці вопратцы. У канцы працоўнага дня ў рабочых замяралі толькі гама-выпраменьванне. Адзін з тых, у каго асабісты дазіметр захаваўся, расказаў, што за чатыры месяцы атрымаў дозу апраменьвання каля 30 мілізівертаў. У той час як паводле нормаў для «персаналу» за цэлы год дапускаецца да 20 мілізівертаў, а для насельніцтва, якое не ўваходзіць у гэтую катэгорыю, — толькі 1 мілізіверт за год.

Тэхналогія таксама кульгала. Згодна з рэгламентам трэба было здымаць паўметровы пласт глебы, але на справе глыбіня выемкі грунту моцна адрознівалася. А дэмантаваныя рэйкі і арматуру замест пахавання, відаць, проста парасцягвалі па лецішчах.

У выніку каля 50 тысяч кубаметраў радыеактыўных адходаў загрузілі ў звычайныя самазвалы, прыкрылі брызентам і вывезлі за 38 км ад Брэста — да вёскі Струга ў Маларыцкім раёне.

Могільнік у вёсцы

Радыеактыўнае смецце і грунт пахавалі за тры кіламетры ад вёскі Струга, побач з палігонам цвёрдых бытавых адходаў. На плошчы 3,46 гектара зрабілі могільнік па прынцыпе «глінянага замка́». У гліністай глебе выкапалі катлаван, дно заслалі паўметровым пластом гліны, потым поліэтыленавай плёнкай, потым мясцовым чыстым грунтам. У гэтую «падушку» пластом каля паўметра паклалі адходы: зямлю, друз, металаканструкцыі. Зверху накрылі такім самым ахоўным «пірагом» з грунту, поліэтылену і гліны ў адваротным парадку.

Меркаваннем мясцовых жыхароў ніхто асабліва не цікавіўся. Хоць першапачаткова нават планавалі правесці першы ў Беларусі мясцовы рэферэндум — пра гэта пісалі ў «Вячэрнім Брэсце». Але публікацыямі ўсё і абмежавалася.

Згодна з рэгламентам могільнік мусіць быць пазначаны знакамі радыяцыі праз кожныя 60−90 метраў і агароджаны калючым дротам. Кантроль стану і пробы глеб і вады мусіць праводзіцца два разы на год. На практыцы праз некалькі гадоў калючы дрот пачаў рвацца і блытацца ў расліннасці. Ужо ў 2017 годзе ён ляжаў на зямлі, ніякіх папераджальных знакаў вакол пляцоўкі не было (толькі адзін на варотах).

Могильник в деревне Струга, 2009 год. Фото: Иван Прокопюк
Могільнік у вёсцы Струга, 2009 год. Фота: Іван Пракапюк
Могильник в деревне Струга, 2017 год. Фото: "Беларусский журнал"
Могільнік у вёсцы Струга, 2017 год. Фота: «Беларускі часопіс»

У 2009 годзе блогер-краязнаўца з суседняй вёскі Дамачава Іван Пракапюк наведаў могільнік з дазіметрам. На паверхні радыяцыйны фон быў у норме — 9−12 мікрарэнтген за гадзіну, хоць месцамі прыбор «пікаў» і паказваў да 20 мікрарэнтген. «Пры нармальных замерах у 40 секунд прыбор больш за 15 мкР/г ні разу не выдаваў. Можна смела зрабіць выснову: нягледзячы на тое, што фон у межах нормы, ён усё ж адрозніваецца ад натуральнага», — пісаў краязнаўца. Але падкрэсліваў, што жыхарам вёскі Струга, якія жывуць за тры кіламетры, няма пра што турбавацца.

І вяскоўцы праз гады сапраўды змірыліся. Як казалі прадаўцы ў мясцовай краме, яны нават збіраюць у лесе ля могільніка грыбы. Хоць некалі пратэставалі, спрабавалі не пускаць да аб’екта машыны, расказала журналістам пажылая мясцовая жыхарка.

«Але хто на нас глядзіць, міленькія? Хто на нас глядзіць, каму мы патрэбныя? Мы хто для іх? Мы попел», — дадала яна.

Новая рэальнасць

Пасля дэзактывацыі ўлады яшчэ некалькі гадоў не ведалі, што рабіць з былым аб’ектам «802». Тэрыторыю дазволілі выкарыстоўваць пад забудову, але ўзнікла далікатнае пытанне — што там будаваць? Улічваючы магчымыя забабоны гараджан наконт гэтага месца, вырашылі адмовіцца ад жылля на карысць офісаў і гандлю. У 2011 годзе на ачышчанай тэрыторыі нарэшце пачалося будаўніцтва гандлёвага цэнтра ТАА «Астор-Вест» з супермаркетам, рэстаранамі, боўлінгам і падземным паркінгам на 500 машын.

Галоўны санітарны доктар Брэста Генадзь Радчанка ў інтэрв'ю заяўляў катэгарычна: «Радыяцыі тут ніякай няма. Ніжэй за натуральны фон, ніжэй, чым дзе-нідзе ў горадзе». Але скептыкі ўсё роўна асцерагаліся, што дзеля буйнога камерцыйнага праекта чыноўнікі могуць хаваць праўду пра радыяцыйны фон.

Торговый центр "Асстор-Вест" в Бресте. Фото: Google Maps
Гандлёвы цэнтр «Астор-Вест» у Брэсце. Фота: Google Maps
«Объект 802» осенью 2016 года. Ведутся новые работы по расширению улицы и укладке асфальта. Двухэтажное здание с зеленой вывеской – торговый центр. Он стоит на месте, где наблюдалось наибольшее радиоактивное загрязнение. Фото: "Беларусский журнал"
Аб’ект «802» восенню 2016 года. Вядуцца новыя работы па пашырэнні вуліцы і ўкладванні асфальту. Двухпавярховы будынак з зялёнай шыльдай — гандлёвы цэнтр. Ён стаіць на месцы, дзе назіралася найбольшае радыеактыўнае забруджанне. Фота: «Беларускі часопіс»

Перад адкрыццём у 2014 годзе мясцовыя журналісты вырашылі развеяць гарадскія страхі і праверылі фон бытавым дазіметрам. Хадзілі па ўсім гандлёвым цэнтры, акрамя закрытай тады падземнай паркоўкі. Паказанні аказаліся нават ніжэйшыя за натуральны фону — 0,10−0,15 мікрозіверт за гадзіну. Для параўнання, тыя ж 0,15 МкЗв/г прыбор паказаў ля калгаснага рынку ў цэнтры горада.

Ужо больш за дзесяць гадоў у гэтым ГЦ людзі купляюць прадукты, глядзяць кіно, гуляюць у боўлінг і святкуюць вяселлі ў рэстаранах. Побач у 2019 годзе адкрылі вялікі будынак Дома правасуддзя. Мала хто з наведнікаў гэтых месцаў ведае, што яшчэ нядаўна тут была сакрэтная пляцоўка перавалкі ўранавай руды для СССР. Цяпер тут бяспечна. Але не варта забываць: небяспека, прынесеная савецкай ядзернай прамысловасцю, нікуды не знікла — яна проста закапаная ў іншым месцы на беларускай зямлі.

Чытайце таксама