Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

«Я па хвілінах памятаю гэта. Была субота. Заняткаў у кансерваторыі было мала. Цёплы дзень, летняя сесія наперадзе. І на выхадзе з кансерваторыі я ўбачыла гэты гвалт. Як металічная „баба“ б’е па сцяне», — расказвала пра падзеі 1984 года тагачасная студэнтка Ларыса Сімаковіч, цяпер вядомая кампазітарка. Улады руйнавалі ўнікальны помнік культуры — будынак гарадскога тэатра. Гэта выклікала абурэнне моладзі і першую публічную акцыю пратэсту ў Мінску ў пасляваенны перыяд. Расказваем пра тую падзею, пакаранне яе ўдзельнікаў, пра арганізацыю «Майстроўня», якую яны прадстаўлялі, і яе ролю ў айчыннай гісторыі.

Асноўнай крыніцай для гэтага тэксту стала кніга Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду». Яна выйшла ў 2012 годзе, першае выданне даступнае анлайн, а другое, выпушчанае ў 2025-м, можна набыць тут. Вытрымкі з гэтай кнігі прыводзяцца без гіперспасылак, аднак такія спасылкі ёсць у выпадку выкарыстання іншых крыніц.

«Майстроўня» — прыкрыццё для таемнай групы «Незалежнасць»

«На той час беларуская культура фактычна памірала. Ніводнай беларускай школы ні ў водным горадзе не было. Увесь фольк пускалі на сцэну толькі ў апрацоўках. Працэс ужо амаль дайшоў да правільнай кропкі, і тут раптам аднекуль з’явіліся маладыя людзі й пачалі з нуля — ствараць», — расказвала Арына Вячорка. Будучая заснавальніца рыцарскага руху Беларусі ў 1978 годзе паступіла на філфак БДУ, як і Вінцук Вячорка, які стане яе мужам. Абое скончаць навучанне ў 1983-м, а праз некалькі гадоў стануць бацькамі Франка Вячоркі — цяперашняга дарадцы Святланы Ціханоўскай.

Але ўсё гэта будзе потым. А пакуль, падчас навучання, Вінцук вылучаўся тым, што ўсюды размаўляў па-беларуску — нетыпова для савецкага Мінска. Разам з невялікай групай такіх жа сяброў, неабыякавых да палітыкі, яны стварылі таемную групу, якая пазней атрымала назву «Незалежнасць». Акрамя Вячоркі ў яе ўваходзілі Сяргей Дубавец (будучы журналіст), Сяржук Сокалаў-Воюш (будучы паэт і бард), Ігар Гермянчук (будучы журналіст і дэпутат парламента), Сяргей Запрудскі (будучы мовазнаўца). Потым частка чальцоў «Незалежнасці» возьме ўдзел у стварэнні Беларускага Народнага Фронту.

«Мы выпускалі часопіс „Люстра Дзён“, розныя іншыя матэрыялы распаўсюджвалі. <.>. І паколькі ў тых умовах набіраць шмат палітычных людзей было небяспечна, і адкрыта няможна было такім фронтам ісці, то трэба было пашырацца ў іншы спосаб. Зрабіць тое, што можна. А можна рабіць што? Фальклёр», — расказваў Сокалаў-Воюш.

Так з’явілася ідэя стварыць і адкрытую пляцоўку — для любога чалавека, зацікаўленага беларушчынай. Дапамагла гэтаму сустрэча з Ларысай Сімаковіч.

Удзельнікі "Майстроўні" ў 1981 годзе. Другая злева - Ларыса Сімаковіч. Фота: svaboda.org
Удзельнікі «Майстроўні» ў 1981 годзе. Другая злева — Ларыса Сімаковіч. Фота: svaboda.org

«Мы зь Вінцуком прыйшлі на лекцыю Надзеі Высоцкай (вядомая мастацтвазнаўца. — Заўв. рэд.) у мастацкім музеі. І на гэтай лекцыі такая маленькая, яркая, са звонкім голасам дзяўчына задавала Высоцкай тонкія пытанні па-беларуску. А для нас беларуская мова была прыкметай, што гэта свой чалавек. Пасьля лекцыі мы высветлілі, што яна студэнтка кансерваторыі і ведае беларускую народную музыку. Мы адразу сказалі: о! а вы не можаце нам дапамагчы, навучыць нас беларускім песням, каб пакалядаваць? Яна згадзілася. Яна была так уражаная, што мы гаворым па-беларуску…» — успамінала Арына Вячорка.

Так у 1979-м у Мінску ўзнікла Беларуская спеўна-драматычная майстроўня, вядомая сваёй сціслай назвай «Майстроўня». Спачатку збіраліся на філфаку (цяпер гэта будынак гістфака БДУ на вуліцы Чырвонаармейскай).

«Памятаю размову з намеснікам дэкана філалагічнага факультэту спадаром Мікалаем Піпчанкам, які адказваў за расейскае аддзяленне. Чамусьці менавіта яго прызначылі глядзець за намі. Я кажу: мы спяваем народныя песні, ставім народныя спектаклі, гатовыя рэпрэзентаваць факультэт на конкурсах мастацкай самадзейнасці… Гэта яму спадабалася, самадзейнасць яму была важная. І было заключана джэнтэльменскае пагадненне, што нам даюць аўдыторыю. Бо на філфаку спяваць народныя песні — рэч натуральная», — расказваў Вінцук Вячорка. Ды і фальклор тады заставаўся адной з рэдких сфер, дзе ўжыванне беларускай мовы не ўспрымалася як праява нацыяналізму.

Пазней «майстроўцы» перабраліся ў Палац прафсаюзаў. Да іх сталі далучацца студэнты-мастакі з Тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў), а потым і навучэнцы іншых устаноў. У канцы 1980-га «майстроўцы» выйшлі «ў людзі» — адправіліся калядаваць.

"Майстроўня" на Гуканні Вясны ў Заслаўі. На пярэднім пляне Сяргей Дубавец (злева) і Вінцук Вячорка, за імі Хрысціна Крукоўская, Вераніка Надтачэева, Віялета Ефіменка. 24 красавіка 1982 года. Фота апублікавана ў кнізе Сяргея Дубаўца "Майстроўня. Гісторыя а
«Майстроўня» на гуканні вясны ў Заслаўі. На пярэднім пляне — Сяргей Дубавец (злева) і Вінцук Вячорка. 24 красавіка 1982 года. Фота апублікаванае ў кнізе Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

«Так безнадзейна пуста было на Цэнтральнай плошчы ў Менску (цяпер гэта Кастрычніцкая. — Заўв. рэд.), так халодна й цёмна, што раптоўны натоўп калядоўнікаў, які ўваліўся ў гэтую халодную цёмную пустату, выглядаў ці то дурным жартам, бо тады не жартавалі, ці то збоем у адзінстве часу й месца, ці то праўдзівым цудам. Беларуская ідэя, якую доўгія дзесяцігоддзі сапраўдныя патрыёты захоўвалі й спелілі ў падполлі ды ва ўласнай душы, вырвалася на прастору жыцьця, каб захопліваць усё новых прыхільнікаў, аж пакуль іх не набярэцца досыць, каб у Беларусі сталася Беларусь», — пісаў Сяргей Дубавец.

Публічнасць была адным з прынцыпаў працы арганізацыі — у адрозненне ад папярэднікаў. Напрыклад, групы «На паддашку», што збіралася вузкім колам у мастака Яўгена Куліка. Сярод яе сябраў былі будучы палітык Зянон Пазняк, мастацтвазнаўца Міхась Раманюк, археолаг Міхась Чарняўскі, паэт Алесь Разанаў, мастак Алесь Марачкін і некаторыя іншыя. Але яны свядома не пашыралі свае кола.

З прычыны публічнасці прымяняць да «майстроўцаў» нейкія прамыя рэпрэсіі па першым часе было недарэчна. «Мы толькі сьпяваем народныя песні. Гэта абяззбройвала ўсіх, хто за нас „нёс адказнасць“», — тлумачыў Вінцук Вячорка. «Майстроўцы» арганізоўвалі адкрытыя святкаванні Калядаў, гукання вясны, Купалля. Паміж рэгулярнымі спеўкамі гралі народную драму «Цар Максіміліян», а таксама ладзілі лекцыі, на якіх забаранялася агучваць палітычныя тэмы.

«Майстроўня — адкрытая пляцоўка для любога чалавека, здольнага ўспрыняць ідэю. Найважнейшая — беларуская ідэя. Што да палітычнай ідэі, то да яе, лічылася, аб’ектыўна дойдзе кожны, хто дойдзе да ідэі беларускай. Працавала сама атмасфэра», — дадаваў Вінцук. Па яго меркаванні, гэтая адкрытасць і дазволіла далучыцца да «Майстроўні» людзям, якія інтуітыўна адчувалі беларушчыну, але не былі настолькі палітызаваныя, як ён сам. На лекцыях ішла гаворка пра гісторыю, архітэктуру, літаратуру, фальклор, музыку, выяўленчае мастацтва, археалогію, этнагенэз і г. д. «Мы <…> здолелі зрэалізаваць някепскі паралельны ўніверсітэт», — каментаваў Вячорка.

Гуканне вясны. "Майстроўня" спявае каля помніка Янку Купалу ў Мінску. 1983 года. Фота: svaboda.org
Гуканне вясны. «Майстроўня» спявае каля помніка Янку Купалу ў Мінску. 1983 года. Фота: svaboda.org

У «Майстроўні» культываваліся веды, шанавалася сядзенне ў бібліятэках. Лічылася, што трэба вучыцца добра, каб не падстаўляцца перад сістэмай — калі і будуць выганяць з ВНУ, дык хай ужо за погляды і дзейнасць, а не за вучобу.

Першы час арганізацыя дзейнічала без праблем. Дапамагала гэтаму, як мяркуе Вячорка, тое, што Беларусь лічылася самай надзейнай савецкай рэспублікай, тут не так пільнавалі «нацыяналізм». «Калі б штосьці падобнае зьявілася ў той час у Львоўскім унівэрсытэце, ці ў Віленскім, ці Тартускім, то можна не сумнявацца, што ў той жа момант туды б і прыйшлі, і допыты, і прыхлопнулі б неадкладна», — лічыў ён.

Сябры «Майстроўні» ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках, ладзілі вандроўкі па Беларусі, пазней хадзілі па кватэрах і агітавалі бацькоў, каб тыя аддавалі дзяцей у беларускамоўныя садкі ды школы. Урэшце ўсё гэта ў комплексе прыцягнула ўвагу ўладаў. У канцы 1982 года ўдзельнікаў «Майстроўні» пачалі выклікаць на допыты ў КДБ. А праз паўтара года здарылася падзея, якая паклала канец існаванню арганізацыі.

Допыты ўсю ноч і нечаканая дабрыня міліцыянера

Знішчэнне архітэктурнай спадчыны у Мінску ішло даўно. Яшчэ за Пятром Машэравым, які кіраваў БССР у 1965−1980 гадах, была знесеная забудова XVIII-XIX стагоддзяў на Нямізе — адзін з самых старых раёнаў горада. Былі спробы знесці будынак Купалаўскага тэатра і сквер побач з ім, стварыўшы на гэтым месцы плошчу, а таксама цалкам знішчыць Верхні горад і Траецкае прадмесце. Ад гэтага атрымалася адбіцца дзякуючы зваротам да чыноўнікаў і публікацыям у «цэнтральнай» — маскоўскай — прэсе. У 1979-м, за год да смерці Машэрава, улады хацелі разбурыць забудову плошчы Свабоды — атрымалася пазбегнуць і гэтага.

Але праз пяць гадоў кіраўнікі БССР вярнуліся да ранейшай тактыкі. Іх мэтай стаў будынак Мінскага гарадскога тэатра, што знаходзіўся на той жа плошчы Свабоды, — былы палац Радзівілаў XVII стагоддзя. У пачатку ХІХ стагоддзя прадстаўнікі гэтага роду прадалі яго мінскаму бургамістру Яну Байкову, які ў 1825-м перабудаваў яго пад тэатр. Менавіта тут у 1852-м была пастаўлена першая беларуская камедыйнай опера «Ідылія» кампазітара Станіслава Манюшкі на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару ў 1884-м будынак перарабілі, дадалі трэці паверх і прыстасавалі памяшканне пад вайсковы клуб. Пазней там працаваў банк, з’явіўся яшчэ і чацвёрты паверх.

Менавіта гэты будынак улады і вырашылі знесці. Адбылося гэта 13 чэрвеня 1984 года. У той дзень Ларыса Сімаковіч выйшла з кансерваторыі, якая была побач (цяпер гэта Акадэмія музыкі).

Здание по центру - бывшее здание городского театра. Справа - гостиница "Европа". Фото: minsk-old-new.com
Былы будынак гарадскога тэатра (у цэнтры). Справа — гатэль «Еўропа». Фота: minsk-old-new.com

«Я па хвілінах памятаю гэта. Была субота. Заняткаў у кансэрваторыі было мала. Цёплы дзень, летняя сесія наперадзе. І на выхадзе з кансерваторыі я ўбачыла гэты гвалт. Як мэталічная „баба“ б’е па сьцяне. Далей усё пачынаецца спантанна, на пачуццях. Чамусьці мне захацелася вярнуцца ў кансерваторыю бегма. І на прыступках я сустрэла [кампазітара] Уладзіміра Уладзіміравіча Алоўнікава, рэктара. Я пачала яму расказваць, што руйнуецца помнік. Ён нешта спакойнае мне прамармытаў», — згадвала Сімаковіч.

Тады яна пабегла ў Палац прафсаюзаў, дзе месцілася «Майстроўня» і ладзіліся спеўкі. Там было каля дзясятка чалавек. Адразу ж вырашылі дзейнічаць. Плакат «Руйнуецца помнік гісторыі» стварыў мастак Алесь Костка разам з каляжанкай Юліяй Лысковай. «Зусім не памятаю, як я там апынулася. Памятаю, што прымчалася, а там ужо малявалі, мусіць, Костка, плакат: „Руйнуецца помнік гісторыі“. Я яшчэ падумала, што палова беларусаў ня ведае, што такое „руйнуецца“», — успамінала Лыскова.

Тым часам міма ішлі «майстроўцы» Артур Клінаў і Зміцер Саўка — сябры яшчэ са школьных часоў. «Я тады вучыўся на архітэктуры. Калі мы кажам пра адчуваньне вострай несправядлівасьці, тое самае было з архітэктурай, горад проста зьнішчалі. Ідзем мы са Зьмітром тым чэрвеньскім вечарам у бок вуліцы Леніна (а гэты будынак даўно быў агароджаны) і бачым, што яго зносяць», — расказваў Клінаў.

Здание минского городского театра. 1977 год. Фото: Зенон Позняк, minsk-old-new.com
Будынак Мінскага гарадскога тэатра. 1977 год. Фота: Зянон Пазняк, minsk-old-new.com

Сябры сустрэлі каля будынка тэатра «майстроўцаў» і сталі разам з імі у пікет — насупраць бульдозера, які руйнаваў будынак, на прыступках, якія вядуць да плошчы Свабоды ад скрыжавання вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна. «Я сказала: хто не рашаецца, хто баіцца, — зараз адыдзіце. Ня памятаю, каб нехта адышоў. Усе засталіся, і так мы стаялі», — згадвала Сімаковіч. Паводле ўспамінаў Саўкі, яны пачалі скандаваць «Руйнуецца помнік гісторыі».

«Гэтая „баба“ такая страшная была… Калі стары будынак руйнуецца, гэта страшна выглядае. Гэта б’е як па галаве, па целе тваім. А стаяць там зусім ня страшна было», — згадвала Юлія Лыскова.

Усяго на пікет выйшла 13 чалавек. Акрамя згаданых Сімаковіч, Косткі, Лысковай, Клінава і Саўкі гэта былі Вінцук Вячорка (ён ужо быў аспірантам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук), Алена Клімовіч, Віялета Кавалёва, Наталля Лазоўская, Марына Лычкоўская, Васіль Матусевіч і Ігар Міклашэвіч.

Неўзабаве да моладзі падышоў міліцыянер і сказаў, што яны замінаюць людзям спаць. Між тым было яшчэ дзевяць гадзінаў вечара. Яны ніяк не прарэагавалі. Дастаткова хутка, праз 5−10 хвілінаў пасля пачатку пікета прыехаў «казёл» — міліцэйская машына, адкуль выскачылі сілавікі і пачалі затрыманне. «Па-мойму, першы, каго схапілі, быў Вінцук. Ён пачаў ім працягваць пашпарт. Маўляў, хочаце высьветліць асобу? Калі ласка. Яны, не зважаючы на ягоны пашпарт, скруцілі яго і павялі. Неўзабаве прыйшла чарга і на нас з Артурам», — расказваў Саўка.

Затрыманых завезлі ў найбліжэйшы пастарунак — на вуліцу Інтэрнацыянальную, 13. «Міліцыянты нават не ведалі, што з намі рабіць. Такога не было раней. Яны нас не прыніжалі, нічога. Яны нават дазволілі нам бацькам патэлефанаваць. Я патэлефанавала, сказала, што я ў пастарунку, не хвалюйцеся», — тлумачыла Лыскова. «Нас там не білі. Ставіліся не як да нейкіх там бандзюкоў. Напісалі пратаколы. Доўга выпытвалі розныя пытанні, КДБ, відаць», — успамінаў Алесь Костка.

Сімаковіч нават часова адпусцілі. Яе сыну было сем месяцаў, таму яна папрасіла ў аднаго з міліцыянераў дазволу ездзіць пакарміць яго і абяцала вярнуцца. «Не ведаю, чаму ён паверыў і адпусціў мяне. Я тады жыла на Якубоўскага (у мікрараёне „Захад“. — Заўв. рэд.), даволі далёка. З’ездзіўшы дадому, я сказала, што нас забралі, прытым прыхапіла з сабой хлеба й сала, каб пакарміць тых, хто там. Я вярнулася, пакарміла людзей гэтым салам, яны ўсе былі задаволеныя, спявалі песні. Гэта была сама маладосць, сам ажыятаж, нават бравурнасць у нейкім сэнсе», — расказвала Ларыса.

"Купалле", што зладзіла "Майстроўня". Фота: vytoki.net
Купалле, што зладзіла «Майстроўня». Фота: vytoki.net

Але допыты доўжыліся ўсю ноч. «Нас дапытвалі, паралельна мяне і Артура [Клінава], два сьледчыя», — успамінаў Саўка. Людзей выпускалі па адным, па двое. Яго вызвалілі гадзіны каля трэцяй ночы, пасля чаго хлопцы яшчэ пачакалі ўдзельніцу пікета Алену Клімовіч, каб правесці яе дадому.

Юлію Лыскову выпусцілі прыкладна, а пятай, калі транспарт яшчэ не хадзіў. «Ішоў дождж. Я думаю, як я дабяруся да свае Серабранкі (мікрараён у Мінску. — Заўв. рэд.)? І што ты думаеш? Сюррэалістычны нейкі сюжэт. Ехала палівальная машына і палівала горад. І кіроўца мяне давёз да Серабранкі маёй. І я ў дождж з міліцыі на палівачцы даехала дахаты».

Цана выказвання — выключэнне з ВНУ

«Розгалас быў вялікі ў горадзе. На той час такая акцыя… Гэта быў выключны прэцэдэнт. Тады такога проста яшчэ не было», — успамінаў Артур Клінаў. У дачыненні да ўдзельнікаў пачаліся рэпрэсіі. Ажыццявіць іх планавалі рукамі кіраўніцтва ўніверсітэтаў, куды і спусцілі адпаведную разнарадку.

Найбольш пацярпела Сімаковіч. На той час яна ўжо скончыла кансерваторыю як харавы дырыжор, пасля зноў паступіла туды на кампазітара. Але пасля пікету яе адтуль адлічылі. Паводле яе, адным з ініцыятараў быў рэктар Уладзімір Алоўнікаў, які падпісваў адпаведны загад. Праз пэўны час Сімаковіч змагла аднавіцца ў ВНУ. Калі яна здала на пятым курсе дыплом, Алоўнікаў падышоў да яе і папрасіў прабачэння. Гэта было ўжо ў 1992 годзе, калі Беларусь стала незалежнай.

Іншым пашанцавала болей. У сярэдзіне 80-х шмат залежала ад пэўных людзей. «Мяне адразу „адмазалі“ мае выкладчыкі. За што дэманстрацыя, спыталі. А вось бурылі стары будынак. Ну дык правільна зрабіў. І ўсё. Гэта [сказаў мастак] Тарас Мікалаевіч Паражняк», — згадваў Алесь Костка, які вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.

Алена Анісім на "Гуканні вясны", што зладзіла "Майстроўня". Фота: vytoki.net
Алена Анісім на гуканні вясны, што зладзіла «Майстроўня». Пазней узначальвала Таварыства беларускай мовы і была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Фота: vytoki.net

Артур Клінаў, тады студэнт архітэктурнага факультэта Палітэха (цяпер БНТУ), таксама сутыкнуўся з ціскам, але і яго абаранілі выкладчыкі. А вось у Юліі Лысковай, якая вучылася ў тым жа ўніверсітэце на спецыяльнасці «Апрацоўка металаў ціскам», было іначай. Для разбору яе паводзінаў зладзілі сход усёй групы. «Які пазор для нашай навучальнай установы! Бо можа вы, Лыскова, і не ведаеце — ад нацыяналізма да фашызма адзін шаг!» — згадвала яна словы, якія тады гучалі. «У нас быў прарэктар разумны і ўплывовы ў тэхнічным свеце, Сцепаненка (гаворка пра Аляксандра Сцепаненку, у будучым акадэміка і віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. — Заўв. рэд.). Ён даўно ведаў майго бацьку і разумеў, што, калі мяне адлічаць, бацька не падасьць яму рукі. Я ўпэўненая, што бацька хадзіў да яго, проста не сказаў мне пра гэта. І Сцепаненка не захацеў марацца гэтым усім», — лічыць Лыскова. У выніку яе пацягалі па дэканатах, далі вымову па лініі камсамола — але пакінулі.

Што да Вінцука Вячоркі, то яго бацька Рыгор Вячорка быў высокапастаўленым савецкім чыноўнікам — памочнікам Машэрава (да 1980-га), пасля першым намеснікам кіраўніка Дзяржплана БССР (аналаг Мінэканомікі). Бацьку не маглі не папярэджваць пра «кепскія» паводзіны сына. Але першы раз ён трывожна паразмаўляў з Вінцуком толькі ў 1984-м: маўляў, «ты глядзі, не нарабеце глупстваў». Размова, мяркуючы з кантэксту, адбылася ўжо пасля акцыі. «Яму сказалі, што пасля нашай дэманстрацыі ў абарону тэатру <…> КДБ займаўся маёй справай у Інстытуце мовазнаўства, дзе я вучыўся ў асьпірантуры, і яны нават бралі чытаць тэкст маёй дысэртацыі, прысвечанай гісторыі беларускае мовы», — згадваў Вінцук.

З КДБ сутыкнуўся і Зміцер Саўка. Пасля акцыі яго спярша хацелі выключыць з філфака БДУ, але ўсё ж да гэтага не дайшло. Тым не менш хлопца відавочна ўзялі пад увагу. Праз год, у 1986-м, Саўку спрабавалі завербаваць, але ён адмовіўся. Каб пазбегнуць выключэння, яму давялося аддаць чэкістам перадрукаваную кнігу Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», выдадзеную ў Лондане (аўтар зрабіў апытанне сучаснікаў, што яны думаюць пра беларускую мову, яе стан і перспектывы. У СССР такую кнігу апублікаваць не маглі, таму ён перадаў рукапіс на Захад, дзе яна і выйшла. За гэта Бембеля звольнілі з працы. Саўка фактычна зрабіў самвыдат, ды і тэма з улікам русіфікацыі была крамольнай). Тым не менш зусім у спакоі Змітра не пакінулі — калі ён у 1988-м заканчваў ВНУ, яго ў якасці помсты за адмову ад супрацы завалілі на дзяржаўным экзамене па навуковым камунізме, пазбавіўшы магчымасці атрымаць чырвоны дыплом.

"Гуканне Вясны" у мінскім парку Янкі Купалы. 17 красавіка 1983 года. Фота апублікавана ў кнізе Сяргея Дубаўца "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду"
Гуканне вясны ў мінскім парку Янкі Купалы. 17 красавіка 1983 года. Фота апублікаванае ў кнізе Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

Пікет 13 чэрвеня 1984 года стаў першай і апошняй акцыяй «Майстроўні». Пасля гэтага кіраўніцтва Палаца прафсаюзаў забараніла сябрам арганізацыі святкаваць Купалле, як тое рабілася штогод. У выніку «Майстроўня» спыніла існаванне. «Увосень пасля гэтага ўжо ніхто не вярнуўся. Не было заключнага сходу, на якім сказалі б — усё, мы распускаем Майстроўню. Яна існавала столькі, колькі ёй трэба было існаваць, і перайшла ў іншыя формы», — канстатавала Віялета Кавалёва.

Хтосьці з удзельнікаў «Майстроўні» пасля адышоў ад грамадскай актыўнасці, іншыя засталіся выключна ў культурніцкім руху, але былі і тыя, хто актыўна ўключыўся ў палітыку і спрычыніўся да стварэння Беларускага народнага фронту і абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Сярод былых удзельнікаў «Майстроўні», акрамя ўжо названых у тэксце вышэй, многа вядомых імён: мастак, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, мовазнаўца і палітык Алена Анісім, кінарэжысёр Віктар Аслюк, спявак Лявон Вольскі, археолаг Эдвард Зайкоўскі, палітык Віктар Івашкевіч, перакладчык Зміцер Колас, скульптар Гэнік Лойка, мастакі Генадзь Мацур і Сяржук Цімохаў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, перакладчык Сяргей Шупа і іншыя, якія пакінулі значны след у сучаснай беларускай гісторыі, культуры і навуцы.

І толькі знесены будынак Мінскага гарадскага тэатра знік назаўсёды. На яго месцы цяпер, крыху ссунуты ўбок, знаходзіцца гатэль «Еўропа».