Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сераду, 15 кастрычніка, заслухаў даклад кіраўніка замежнай разведкі Украіны Алега Івашчанкі. Абмяркоўваліся пытанні ўплыву санкцый на здольнасць Расіі весці вайну, крыніцы паступлення ў РФ неабходных для вытворчасці зброі кампанентаў і абсталявання. Гучала і беларуская тэма. Пра гэта Зяленскі расказаў у сваім тэлеграм-канале.

«Таксама Алег Івашчанка далажыў наконт расійскага плана далейшай ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі. На гэтым этапе не будзем рабіць інфармацыю публічнай. Папярэдзім партнёраў, якім гэта можа пагражаць», — напісаў Зяленскі.
Адзначым, што гэтая заява прагучала напярэдадні візіту Зяленскага да Трампа, які запланаваны на пятніцу, 17 кастрычніка.
Пра тое, што на сустрэчы ён збіраецца абмяркоўваць і Беларусь, Зяленскі казаў і перад сустрэчай з кіраўніком Белага дома ў лютым.
«Мы будзем гаварыць з прэзідэнтам Трампам, што рускія збіраюцца зрабіць з Беларуссю, мы гэта выразна разумеем», — заявіў тады Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны не выключаў, што з тэрыторыі Беларусі Расія можа пагражаць Польшчы і краінам Балтыі. Ён дадаў, што не ведае, ці пойдзе Расія на ўварванне, але «ў любым выпадку такім чынам зацягне Беларусь у вайну».
Нагадаем, 14 кастрычніка на нарадзе па «пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцця беларуска-амерыканскіх адносін» Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць «заключыць вялікую ўгоду з ЗША, калі будуць улічаныя інтарэсы Беларусі».
«Будзем чакаць іх прапаноў глабальных, вялікай угоды, як яны ўмеюць казаць (любяць яны гэтыя вялікія ўгоды). Мы да гэтага гатовыя. Мы гатовыя з імі заключыць вялікую ўгоду. На адной шалі вагаў іх пытанні, просьбы і патрабаванні, на іншай шалі вагаў — нашыя пытанні і патрабаванні. Вырашаем? Давайце будзем вырашаць. Мы да гэтага гатовыя. Прапановы Дональда Трампа ў гэтым плане я абсалютна ацэньваю нармальна. Але мусяць быць улічаныя і нашыя інтарэсы», — заявіў Лукашэнка, не агучыўшы больш ніякіх падрабязнасцяў.