«Белгазпрамбанк» увёў змяненні па крэдытах на аўтамабілі Belgee. Раней новаўвядзенні па такіх пазыках з’явіліся ў іншых фінустановаў.

Стаўка па крэдытах на аўто Belgee ў «Белгазпрамбанку» цяпер складае 3,99% гадавых цягам першых трох гадоў, а потым — 16,25%. Працэнты прывязаныя да стаўкі рэфінансавання (яна цяпер 9,75%): калі яна зменіцца, то будуць перагледжаныя і ўмовы па пазыках.
«Белгазпрамбанк» гатовы даць пазыку на суму да 100% кошту аўтамабіля. «Афармленне крэдыту магчымае без даведкі пра даходы», — удакладняе банк. Гэтыя ўмовы распаўсюджваюцца на мадэлі X50, X80, X70 і S50.
Нагадаем, раней паслабленні па пазыках на аўтамабілі марак Geely і Belgee ўвялі «Сбер Банк», «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк».
Нагадаем, яшчэ два гады таму — у кастрычніку 2023-га — у аўтацэнтрах трэба было запісвацца ў ліст чакання, каб купіць аўто Geely. Але ў пачатку 2025-га гэтая марка саступіла лідэрства ў рэйтынгу самых прадаваных — гэта адбылося на фоне прыпынення выдачы крэдытаў па зніжаных стаўках на такія машыны. У гэтай сітуацыі ўлады прыдумалі, як павялічыць продажы Geely, — для дылераў іншамарак увялі спецыяльныя сертыфікаты.
Чытайце таксама